ВЯЛІ́КАЯ АРДА́,

татарская феад. дзяржава ў 1433—1502. Узнікла на Прычарнаморскіх землях у міжрэччы Дона і Дняпра ў працэсе распаду Залатой Арды. На чале Вялікай Арды з дапамогай вял. кн. літ. Свідрыгайлы стаў хан Сеід Ахмед, унук Тахтамыша. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, якая спалучалася з земляробствам. Мела 100-тыс. армію і адыгрывала важную паліт. ролю ва ўсх. Еўропе ў сярэдзіне 15 ст. У 1455—56 пасля набегаў крымскага хана Хаджы-Гірэя цэнтр Вялікай Арды перамясціўся на Волгу. У 1465 ад яе аддзялілася Астрахань, дзе хан Махмуд [1459—65] заснаваў незалежнае ад Вялікай Арды Астраханскае ханства. У часы хана Ахмата [1465—81] Вялікая Арда памацнела, быў заключаны саюз з Польшчай (1472), наладжаны адносіны з Турцыяй (1476). У 1486—91 крымскі хан Менглі-Гірэй разграміў Вялікую Арду і ліквідаваў яе самастойнасць.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)